Такія справы. Я дома, як, мяркую, і многія з вас. І мы ўсе пачалі разумець, як нашыя адносіны з самімі сабой, адно з адным, і з прасторай, у якой мы знаходзімся, могуць глыбока паўплываць на наша пачуццё ідэнтычнасці і мэты. Столькі ўсяго рэзка змянілася. Зараз мы адчуваем аддаленасць, як ніколі раней. Але што, калі б я вам сказала, што можна знайсці спосаб праз ваша сэрца і рукі, які дазволіць зноў наладзіць сувязі, і што, дзякуючы гэтай практыцы і прыняццю цяперашняй сітуацыі, я магла б дапамагчы вам перанастроіць розум так, каб вы змаглі даследваць гэтую новую рэальнасць з радасцю, энтузіязмам, уяўленнем і надзеяй? Усё, што спатрэбіцца ‒ звычайны маркер. Каб гэта атрымалася, давайце вернемся да пачатку. Вырастаючы ў сацыяльным жытле ў паўднёва-усходнім Лондане, я была аўтсайдаркай. Я старэйшая з шасці дзяцей, і ўсе мае браты і сёстры выглядаюць вельмі па-англійску: светлыя валасы, блакітныя вочы, вельмі мілыя. І я: напалову нігерыйка, цёмнаскурая, з афра-прычоскай. Што адбываецца, калі ты выглядаеш інакш і адчуваеш сябе іншай, і шмат у чым пачынаеш думаць не так, як усе навокал цябе? Як знайсці выйсце з цёмнага, расісцкага, гамафобнага і вельмі самотнага месца? Менавіта тут на дапамогу прыходзіць маркер. Я пачала маляваць. Як бачыце, у мяне ёсць маркер, і ён ведае, куды вядзе. Я вельмі добра навучылася, як следаваць за ім. Спачатку я шла за гэтай лініяй і я вымалявала сабе шлях з культуры, якая мне ўсё толькі забараняла. Я давярала свайму маркеру, і ён прывёў мяне ў Цэнтральны каледж Святога Марціна, вельмі прэстыжную школу мастацтваў у Лондане, якую я скончыла найлепшай на сваім курсе. Аднак я хутка зразумела, што ў Лондане для мяне няма месца, таму што, верце ці не, але Англія па-ранейшаму функцыянуе і трымаецца на класавым раздзяленні. І ў мяне — маладой, чорнай, лесбіянкі мастачкі з працоўнай сям'і, проста не было шанцаў. Таму я з'ехала з Лондана і пераехала ў Японію, дзе мяне ніхто не распытваў, адкуль я паходжу насамрэч. Я проста была чарговай "гайдзін", што, як ні дзіўна, азначае "аўтсайдэр". Я была пагружана ў культуру, якая шануе творчасць і рамёствы, дзе людзі ўдасканальваюць сваё рамяство на працягу пакаленняў. Гэта культура, якая ўмее авалодаць часам і прасторай, дзе мастакі могуць сапраўды тварыць свабодна. Я знайшла месца, на якое не злавалася. Токіа ні разу не пакрыўдзіў мяне. Я больш не магла тварыць са злосці ці ад болю. Мне давялося смела дазволіць сабе тварыць з іншым натхненнем. Я знайшла неверагодны інструмент, які стаў больш за лінію на паперы. Я знайшла тое, што звязала мой розум з сэрцам, а мае рукі — з усім навокал. Я ўбачыла свет па-новаму. Я знайшла сувязі ў закутках, адшукала рашэнні да праблемаў, пра існаванне якіх я нават не ўяўляла. Быццам бы свет з усімі яго пазітыўнымі і негатыўнымі месцамі стаў раптам бачным. І толькі ўбачыць гэта было дастаткова, каб усе страхі зніклі. Быццам мой маркер быў ліхтарыкам, і невядомае ўсё яшчэ існавала, але ўжо не пужала мяне. Пасля пяці гадоў жыцця ў Японіі і фокусу на сваім рамястве, я адчула, што мне патрэбны новы выклік. Я пераехала ў Нью-Ёрк, таму што гэта месца для мастакоў, праўда? Мастаку трэба пераехаць у найвялікшы горад свету, каб мець магчымасць адчуць сябе абасалютна нябачным. У гэты момант я пачала шчыра пытацца ў сябе, "Хто ты такая?" Я прачыналася зранку, і перш чым пачаць дзень, я медытавала над гэтым пытаннем. Трымаючы гэта пытанне ў галаве, я працягвала маляваць. Я шла ўслед за лініяй. Я дазволіла ёй пракладаць мой шлях. Узяць маркер, які даступны сёння кожнаму і кожнай, дазволіць сабе адпусціць усе думкі, страхі, няпэўнасці — усё, што перашкаджала мне быць цалкам сабой — гэта стала маім спосабам адчування свабоды. Калі я прыехала ў Нью-Ёрк, я не хацела жыць па правілах свету мастацтва. Я працягвала тварыць як аўтсайдарка. Я працягвала маляваць. Цікаўнасць стала атрамантам для майго маркеру, і я працягвала пагружацца глыбей. З цягам часу я пачала ствараць надзейную, трывалую прастору для сябе, прастору, якая належала толькі мне. Першапачаткова гэта была адна мая спальня. Але гэтая спальня апынулася ў "The New York Times", і раптам я стала заўважнай і вядомай за той свет, які я стварыла. З таго часу, я стварала і супрацоўнічала з самымі ўнікальнымі мастакамі і мастачкамі, установамі і прасторамі, ад экранаў на Таймс-сквер да Нью-Ёркскага балету, для іх неверагоднай серыі пра творцаў, дзеля якой я рабіла інтэрв'ю з некалькімі танцорамі і танцоркамі. Іх гісторыі і словы сталі асновай для больш за 30 малюнкаў і мастацкіх прац, якія перанесліся на сцены калідораў, вокны і падлогі. Доўгі час я марыла стварыць прастору для сузірання і паэзіі. І ў 2019 годзе я атрымала магчымасць зрабіць менавіта гэта праз улады Губеранатарскай выспы (Нью-Ёрк). Яны прадаставілі мне ідэальнае палатно ў выглядзе былой ваеннай капліцы. Пазнаёмцеся з "The May Room." Вы бачыце малюнкі, натхнёныя гісторыяй выспы, на фасадзе, заходзіце ўнутр, здымаеце абутак, а на падлозе бачыце малюнак у выглядзе лабірынта, які вяртае вас да вас. Гэта запрашэнне супакоіцца. Вы можаце ўбачыць фразы на сцяне. "Будзьце мудрымі". "Спі спакойна ўначы." "Давайце выратуем дрэвы." "Будзь", "будзьце", "давайце". І пачынае здавацца, што гэтыя фразы зыходзяць ад вас саміх, альбо глыбока западаюць у вас. Я дазволіла сваім лініям стаць нечым накшталту мовы, мовы, якая развіваецца, як самое жыццё. І калі наступала цішыня, я шукала сувязі праз размову, задавала пытанні, каб пераадолець дыскамфорт. Маляванне навучыла мяне ствараць свае правілы. Яно навучыла мяне расплюшчваць вочы і бачыць не толькі тое, што ёсць, але і тое, што можа быць. І там, дзе сістэмы ламаюцца, мы можам стварыць новыя, якія сапраўды працуюць і прыносяць карысць усім людзям, а не толькі некалькім абраным. Маляванне навучыла мяне якасна ўзаемадзейнічаць са светам. І я зразумела праз мову ліній, што важна не столькі быць бачнай, колькі мець дар бачыць, якім мы дзелімся з іншымі людзьмі, і што сапраўдная свабода — гэта здольнасць бачыць. Я не кажу пра гэта літаральна, бо зрок — гэта ўсяго адзін са спосабаў бачання. Я маю на ўвазе адчуванне свету напоўніцу, магчыма, нават глыбей акурат у самыя складаныя моманты, як той, з якім мы сёння маем справу. Я Шантэл Марцін. Я малюю. І я запрашаю вас узяць маркер і паглядзець, куды ён вас прывядзе. (Музыка)