Для прыкладна 365 мільёнаў людзей англійская мова з'яўляецца роднай. Больш за два мільярды іншых вывучаюць ці размаўляюць па-англійску як на замежнай мове. Калі размаўляеш па-англійску, цябе зразумеюць амаль 2,5 мільярды чалавек. Дык навошта тады трэба вывучаць іншыя замежныя мовы? Толькі хіба час губляць? Нэльсана Мандэлу вельмі жорстка крытыкавалі чорныя паўднёваафрыканцы за тое, што ён размаўляў на афрыкаанс. На што ён адказаў: «Калі гутарыш з некім на зразумелай яму мове, гэта дойдзе яму да галавы. А калі будзеш размаўляць на яго роднай мове, гэта дойдзе чалавеку да сэрца.» Таму вось што: калі хочаце перацягнуць каго-небудзь на свой бок, трэба звяртацца да іх сэрцаў. Гэта добра ведаюць Рымскія Папы. Ян Павел II добра валодаў амаль дзесяццю мовамі і ведаў яшчэ амаль тузін на пачатковым узроўні. Куды б ён ні прыязджаў, ён звяртаўся да людзей і казаў ім хаця б колькі сказаў на іх роднай мове. І гэта было вельмі важна для яго папулярнасці. Тыя, у каго ёсць цешча з іншай краіны, або будучая цешча-замежніца, таксама ведаюць пра гэта. З дзяўчынай можна размаўляць па-англійску, але калі хочаце мець добрыя стасункі з яе маці, то маладыям людзям даводзіцца вывучаць самыя неверагодныя мовы, напрыклад, галандскую. (Смех) Але звычайна атрымліваецца. Чаму? Таму што наша родная мова часта пераплецена з нашай існасцю, нашым самавызначэннем. Уся наша гісторыя да глыбіняў прасякнута, насычана роднай мовай. Столькі ўспамінаў і пачуццяў, якія звязаны са словамі, выразамі, нават з граматыкай, з якой мы выраслі. Калі вывучаеш мову другога чалавека, ты паказваеш, што ты сумленна цікавішся яго жыццём, яго асобай. Хіба ж цешчы гэта не будзе прыемна? Калі чуеш сваю мову, адчуваеш далучэнне. Калі вандруеш і ўвесь час размаўляеш на замежнай мове колькі дзён ці тыдняў, у той момант, калі сядаеш у самалёт, дзе цябе вітае сцюард на тваёй мове, ты адразу ведаеш, што ляціш дадому. Калі б матчына мова мела водар, мне здаецца, што яна пахла б печывам, ці курыным бульёнам, ад якога лагодна, або бабулінай парфумай, можа крыху і нафталінам ад молі. Можа быць, таму і штучныя мовы накшталт эсперанта не так распаўсюдзіліся, як хацелася. Нягледзячы на тое, што яны былі вельмі ладна створаны і вывучаць іх было вельмі лёгка, ніводная краіна не абрала сабе штучную мову ў якасці дзяржаўнай. Ні нават у якасці замежнай мовы да сістэматычнага выкладання ў школах па ўсёй краіне на працягу доўгага часу, хаця такія спробы былі. Разам з тым, негледзячы на цяжкасці натуральных моў, накшталт бясконцых выключэнняў, разыходжанняў паміж правапісам і вымаўленнем, часам абсурднай цяжкасцю граматыкі — негледзячы на ўсё гэта мы аддаем перавагу мовам, што арганічна «выраслі» сярод людзей. Штучныя мовы даходзяць да галавы. Натуральныя мовы пахнуць печывам. Для Нэльсана Мандэлы вывучэнне афрыкаансу было падобна да «ведай варагоў сваіх». Ён казаў: «Трэба ведаць іх мову, іх захапленні, і спадзяванні, і страхі, калі хочаце перамагчы іх». Атрымалася. Ён перамог. Але не ўвесь жа час змагацца з ворагамі, так? Гэта тычыцца ўсіх стасункаў паміж людзьмі. І я ніколі б не сцвярджала, што ўсе цешчы ворагі паводле азначэння. Сем ці восемь гадоў таму я ехала праз Польшчу з сям'ёй. Крамы ўжо зачыняліся, а нам трэба было купіць чаго паесці. Нарэшце мы ўбачылі супермаркет на другім баку вуліцы. Да яго можна было пад'ехаць, толькі калі развернешся. Я так і зрабіла. Гэта, магчыма, было небяспечна. І напэўна супраць правілаў. Ужо стоячы на паркінгу, я нават не паспела заглушыць матор, як раптам пачула «тук-тук». Я апусціла вакно і ўбачыла дзве пары вачэй. Кожная з іх належала паліцэйскаму. Польскую я добра не ведала нават у лепшыя часы, але магла парай слоў перакінуцца на лёгкія тэмы. Але ў той момант, калі мне было сорамна, а на мяне пазіралі вочы двух праваахоўнікаў ва ўніформе, кожнае разумнае польскае слова, якое я калісьці ведала, з мяне вылецела. Але доўга я не разважала і паспрабавала знайсці выйсце з гэтай сітуацыі па-англійску. Валоданне англійскай давала б мне моўную перавагу, але паліцэйскія адчувалі сабе няёмка. Таму трэба было прытрымлівацца польскай. Як? Маленькі куточак польскай мовы, які меўся ў маім мазгу, быў пусты, акрамя адной рэчы. Я так гэта часта паўтарала, што магла гэта напець нават у сне. Гэта быў дзіцячы верш пра... хворую жабу. (Смех) Што было, тое было. Я ведаю, што звар'яцела, але змарозіла: (па-польску): «Вось захварэла жаба, пайшла да доктара і кажа, што хворая. Доктар надзеў акуляры, таму што быў стары.» Я пагледзела на паліцэйскіх. Яны на мяне вытарашчылі вочы. (Смех) Я толькі памятаю, што адзін з іх пачухаў патыліцу. І яны ўсміхнуліся. Усміхнуліся. І тады я супакоілася, дастаткова, каб знайці колькі патрэбных слоў, што нібы «заскочылі» назад у галаву. Я змагла прамармытаць колькі сказаў кшталту: «Прабачце. Трэба ежа. Ніколі больш.» Яны ад мяне адчапілся. А калі я пабегла да крамы, яны пажадалі: «Szczęśliwej podróży!» «Шчаслівай дарогі!» Я не стаўлю мэтай падбухторыць вас вучыць мовы, каб вандраваць па свеце, парушаць законы і пазбягаць кары. Гэты эпізод паказвае, як некалькі словаў, якімі простымі ці дурнымі яны б ні былі, проста пара словаў, могуць дайсці менавіта да сэрца і растапіць яго. Дарэчы, была альтэрнатыва хворай жабе: я яшчэ ведала добра песню п'яніц. (Смех) Але наўрад ці яны б усміхнуліся, пэўна, я б апынулася ў пастарунку, каб здаць аналіз на алкаголь. Не трэба вучыць шмат моваў, не трэба вучыць іх дасканала. Малыя рэчы робяць шмат. Дзесяць словаў да сэрца дадуць большы імпульс за тысячу словаў, што дойдуць да галавы. Вы можаце абіраць: англійская і сустракацца «на нейтралцы». Або стаць тым, хто здолее перайсці праз нейтральную паласу і пазнаёміцца з новым сябрам, ці супраціўнікам — кім бы ён ні быў, — на яго тэрыторыі. Размаўляць на нечай мове не азначае слабасць, а сведчыць пра вашую сілу. Толькі чалавек, які мае смеласць і намагаецца перайсці праз нейтралку, у канцы перамагае. Не бойцеся зрабіць памылкі. Памылкі робяць вас людзьмі. Нават у гэтым выпадку ёсць прыемнае: калі зробіш памылку, гэта будзе для іншых шанцам, каб дапамагчы табе і пазнаёміцца. І ў гэтым выпадку тая сувязь, што вы распачалі, будзе мацнейшай. Дык вы хочаце, каб вас разумелі? Хочаце мець сувязі? Давайце ўсе працягнем вывучаць і карыстацца англійскай мовай. Так мы зможам гутарыць з разнастайнымі людзьмі, як тут на ТЕDx. Англійская мова — моцны інструмент распаўсюджвання ведаў, міжнародных зносін па сусветных праблемах. Больш за тое, англійская мова — гэта шаша да 365 мільёнаў сэрцаў. Для 365 мільёнаў сэрцаў англійская мова пахне печывам. Але чаму спыняцца на гэтым? Чаму б не зрабіць большага і вывучыць яшчэ адну замежную мову? Печыва можа смакаваць па-рознаму. Давайце пакаштуем новае. Дзякуй. (Апладысменты)