Што робіць нас здаровымі і шчаслівымі на працягу ўсяго жыцця? Калі б вы зараз рабілі ўнёсак у сваю лепшую будучыню, куды б накіравалі сілы і час? У нядаўнiм апытанні пакалення Y наконт іх самых галоўных жыццёвых мэт, больш за 80% адказалі, што галоўнай мэтай для іх з'яўляецца багацце. 50% гэтых жа маладых людзей адказалі, што яшчэ адна галоўная мэта — стаць знакамітымі. (Смех) Нам заўсёды кажуць, што трэба зацята працаваць, імкнуцца да лепшага і дасягаць большага. У нас з'яўляецца ўражанне, што менавіта так трэба рабіць, каб жыць добра. Карціну ўсяго жыцця, выбараў, якія робяць людзі, і наступстваў іх выбараў... Такую карціну атрымаць амаль немагчыма. Большасць таго, што мы ведаем аб чалавечым жыцці, мы ведаем з успамінаў людзей аб мінулым. Але не сакрэт, што ўспамінамі становіцца толькі малая частка падзей. Мы забываем шмат з таго, што адбываецца з намі падчас жыцця. А часам памяць творча перапісвае ўспаміны. А што, калі б мы маглі прагледзець жыццё, як яно разгортваецца скрозь час? Што, калі б мы маглі сачыць за людзьмі з падлеткавых гадоў і да самой старасці, каб выявіць, што на самой справе робіць іх здаровымі і шчаслівымі? Мы гэта зрабілі. Гарвардскае даследванне па развіцці дарослых – магчыма, найбольш працяглае вывучэнне жыцця дарослых людзей. На працягу 75 гадоў мы сачылі за жыццём 724 мужчын, год за годам запытвалі іх аб працы, хатнім укладзе, здароўі. Вядома, запытвалі паступова, бо не ведалі, як будуць разгортвацца іх жыццёвыя гісторыі. Такія доследы надзвычай рэдкія. Амаль усе такія праекты развальваюцца на працягу дзесяці гадоў, таму што занадта шмат удзельнікаў выбываюць з эксперыменту, ці фінансаванне спыняецца, ці ўвага даследчыкаў адцягваецца, ці яны паміраюць, і ніхто больш не пераймае эстафету. Але дзякуючы добраму збегу абставін і настойлівасці некалькіх пакаленняў даследчыкаў гэты праект выжыў. Каля 60 з 724 нашых паддоследных усё яшчэ жывуць і прымаюць удзел у доследзе. Многім з іх ужо за 90 гадоў. Зараз мы пачынаем сачыць за больш чым 2000 дзецьмі гэтых мужчын. А я ўжо чацвёрты кіраўнік доследу. З 1938 года мы адсочвалі жыццё дзвюх груп мужчын. Мужчыны з першай групы пачалі ўдзельнічаць, калі былі на другім курсе Гарвардскага Ўніверсітэту. Усе яны скончылі ўніверсітэт падчас Другой сусветнай вайны. Большасць з іх пайшла служыць на фронт. Другая група, за якой мы назіралі, складалася з хлапчукоў з бяднейшых раёнаў Бостана, якіх абралі для эксперыменту менавіта таму, што іх сем'і былі самымі непаспяховымі і маламаёмнымі ў Бостане 1930-х гадоў. Большасць жыла ў наёмных кватэрах, у многіх не было вадаправоду. Напачатку доследу ўсе гэтыя падлеткі прайшлі апытанне і медыцынскае абследванне. Мы прыйшлі ў іх хаты і апыталі іх бацькоў. Гэтыя падлеткі сталі дарослымі людзьмі, якія займалі вельмі разнастайныя пасады. Прамыслова-вытворчыя працаўнікі, юрысты, муляры, дактары, адзін Прэзідэнт Злучаных Штатаў. Некаторыя сталі алкаголікамі. Некалькі чалавек — шызафрэнікамі. Некаторыя ўзняліся па сацыяльнай лесвіцы з нізоў і да самай верхавіны, некаторыя прайшлі гэты шлях у адваротным напрамку. Заснавальнікі доследу ніколі ў сваіх самых смелых марах не маглі ўявіць, што праз 75 гадоў я буду сёння стаяць перад вамі і казаць, што дослед працягваецца. Кожныя два гады нашы цярплівыя і адданыя справе супрацоўнікі тэлефануюць удзельнікам і цікавяцца, ці можна даслаць ім яшчэ адзін апытальнік аб іх жыцці. Часта выхадцы з Бостана пытаюцца: «Чаму вы працягваеце сачыць за мной? Маё жыццё не надта захапляльнае». Выпускнікі Гарварда ніколі не задаюць гэтае пытанне. (Смех) Каб мець найбольш поўную карціну, мы не проста дасылаем анкеты. Мы праводзім інтэрв'ю ў іх гасцёўнях. Запытваем медыцынскія запісы ў іх дактароў. Мы бярэм іх кроў, скануем іх мозг, размаўляем з іх дзецьмі. Мы запісваем на відэа, як яны гавораць з жонкамі аб самых глыбокіх перажываннях. Нарэшце, калі 10 гадоў таму мы прапанавалі жонкам далучыцца да доследу, многія з іх сказалі: «Самая пара». (Смех) Урэшце, аб чым мы даведаліся? Якія парады вынікаюць з дзясяткаў тысяч старонак інфармацыі, якую мы набылі аб тых жыццёвых сцежках? Гэтыя парады не пра багацце, славу альбо цяжкую працу. Вось самы выразны вынік нашага 75-гадовага доследу: добрыя адносіны робяць нас шчаслівымі і здаровымі. Кропка. Мы вывучылі тры вялікія ўрокі пра адносіны. Першы: сацыяльныя сувязі спрыяюць нам, а адзінота знішчае. Выяўляецца, што сацыяльна злучаныя людзі — з сям'ёй, сябрамі, грамадствам — больш шчаслівыя, фізічна здаравейшыя і жывуць даўжэй за тых, у каго сувязі слабейшыя. А адзінота, як выявілася, атручвае. Людзі, адлучаныя ад іншых больш, чым яны б таго хацелі, аказваюцца менш шчаслівымі, здароўе іх пагаршаецца ўжо ў сярэднім узросце, функцыі мозга затухаюць раней, а самі яны жывуць менш за тых, хто не адзінокі. Сумны факт у тым, што больш за аднаго з пяці амерыканцаў лічыць сябе адзінокім. Мы ведаем, што можна быць адзінокім у натоўпе, і можна быць адзінокім у шлюбе. Таму другі вялікі ўрок: не колькасць вашых сяброў і не знаходжанне ў сур'ёзных адносінах, а якасць вашых блізкіх стасункаў мае вагу. Жыццё ў канфліктных абставінах шкодзіць нашаму здароўю. Напрыклад, канфліктны шлюб, дзе мала прыхільнасці, вельмі дрэнна ўплывае на здароўе, мабыць, горш за сам развод. А жыццё ў добрых, цёплых адносінах ахоўвае нас. Калі мужчыны з доследу дажылі да 80 і больш гадоў, мы захацелі азірнуцца на іх сярэдні ўзрост і выявіць, ці маглі мы прадказаць, хто стане шчаслівым і здаровым васьмідзесяцілеткам, а хто не. Калі мы сабралі ўсё, што ведалі пра іх ва ўзросце 50 гадоў, то не ўзровень халестэролу прадказваў, як яны будуць старэць, а задавальненне стасункамі. Людзі, якія ў 50 гадоў былі здаволеныя сваімі адносінамі, апынуліся самымі здаровымі ў 80 гадоў. Шчырыя, блізкія ўзаемаадносіны абараняюць нас ад ліхаў і бязладдзя старасці. Мужчыны і жанчыны, якія жылі ў згодзе са сваімі паловамі, у 80-гадовым узросце адзначалі, што ў дні найгоршага фізічнага болю іх настрой заставаўся ўзнятым. А тыя, у каго адносіны былі кепскія, у дні моцнага фізічнага болю адчувалі і большы эмацыйны боль. Трэці вялікі ўрок, які мы вывучылі пра адносіны і здароўе: добрыя стасункі абараняюць не толькі наша цела, але і мозг. Выяўлена, што знаходжанне ў надзейных адносінах з іншым чалавекам у 80 гадоў ахоўвае вас. Калі людзі ў адносінах адчуваюць, што могуць разлічваць на другога ў час неабходнасці, іх успаміны застаюцца яркімі даўжэй. А людзі, якія ў адносінах не адчуваюць, што могуць разлічваць на другога, перажываюць ранейшае пагаршэнне памяці. Добрыя адносіны не павінны быць гладкімі ўвесь час. Некаторыя нашы 80-гадовыя пары спрачаліся дзень пры дні, але пакуль яны ведалі, што маглі разлічваць адзін на аднаго ў цяжкі час, сваркі не ўплывалі на іх памяць. Вось і сцвярджэнне: шчырыя, блізкія ўзаемаадносіны карысныя для нашага здароўя і шчасця. Гэтая мудрасць старая як свет. Чаму так цяжка яе прыняць і так лёгка не звяртаць увагу? Таму што мы людзі. Мы хочам хуткага вырашэння, жадаем атрымаць тое, што палепшыць наша жыццё назаўсёды. Адносіны — рэч незразумелая і складаная. Ладзіць з сям'ёй і сябрамі — цяжкая работа, не прывабная і не гламурная. І яна на ўсё жыццё, яна ніколі не скончыцца. У нашым 75-гадовым доследзе найбольш шчаслівымі на пенсіі былі тыя, хто актыўна шукаў новых сяброў на замену калегам па працы. Як і пакаленне Y у нядаўнім апытанні, многія з нашых мужчын у маладзейшым узросце шчыра верылі, что багацце, слава і высокія дасягненні — гэта тое, да чаго трэба імкнуцца, каб добра жыць. Але зноў і зноў на працягу 75 гадоў наша даследванне паказвала, што лепш за ўсё адчувалі сябе тыя, у каго была апора ў выглядзе стасункаў — з сям'ёй, сябрамі і грамадствам. А што датычыцца вас? Вось вам 25, 40, ці 60 гадоў. Як нават выглядае ўступленне ў стасункі? Магчымасці натуральна бяскрайнія. Гэта можа быць баўленне часу з людзьмі, а не перад экранам; ажыўленне патухлых адносін нейкай новай сумеснай справай, доўгімі шпацырамі ці рамантычнымі спатканнямі; размова са сваяком, з якім не гутарылi працяглы час, бо марудныя сямейныя сваркі дорага абыходзяцца тым, хто затойвае крыўду. Я б хацеў скончыць словамі Марка Твена. Больш за стагоддзе таму ён узгадваў сваё жыццё і напісаў наступнае: «Жыццё кароткае — няма нам часу для сварак, выбачэнняў, злосці, заклікаў да адказу. Нам для любві ёсць толькі час, дый на яе, сказаць па праўдзе, ёсць імгненне». Добрае жыццё будуецца на добрых адносінах. Дзякую. (Апладысменты)