Крыс Андэрсан: Элан, што за шалёная мара натхніла цябе паспрабаваць заняцца аўтамабільнай вытворчасцю і пабудаваць цалкам электрычную машыну? Элан Маск: Ну, ідэя сягае часоў, калі я быў ва ўніверсітэце. Я думаў: якія праблемы хутчэй за ўсё паўплываюць на будучыню свету або будучыню чалавецтва? Я думаю, неверагодна важна мець устойлівыя мадэлі транспартнай сістэмы і вытворчасці энергіі. Агульная праблема энергетыкі такога кшталту -- гэта найбуйнейшая праблема, якую мы мусім вырашыць у гэтым стагоддзі незалежна ад клопату пра навакольнае асяроддзе. Насамрэч, нават калі б выкіды СО2 былі карыснымі, улічваючы, што вуглевадароды хутка скончацца, нам усё роўна трэба вынайсці ўстойлівыя сродкі для функцыянавання. КА: Большая частка амерыканскай электрычнасці паходзіць са спальвання выкапнёвых паліваў. Як можа электрамабіль, што падключаецца да гэтай сеткі, дапамагчы? ЭМ: Так, ёсць дзве часткі адказу. Па-першае, нават калі з такога самага паліва выпрацаваць энергію на электрастанцыі, то калі зарадзіць ім машыну, вы будзеце толькі ў плюсе. Калі, напрыклад, узяць прыродны газ, самую распаўсюджаную крыніцу вуглевадароднай энергіі, і спаліць яго ў сучаснай газавай турбіне General Electric, атрымаецца каля 60% эфектыўнасці. Калі ж ужыць той самы газ ў рухавіку ўнутранага спальвання аўтамабіля, атрымаецца 20% эфектыўнасці. А прычына ў тым, што на стацыянарнай электрастанцыі вы можаце дазволіць сабе рэчы значна цяжэйшыя, аб'ёмнейшыя. Можаце нават пабочнае награванне ўжыць, каб прыводзіць у рух паравую турбіну і карыстацца другаснай крыніцай энергіі. Такім чынам, нават калі ўлічыць страты пры перадачы энергіі і іншае, выкарыстаўшы такое самае паліва, вы прынамсі ў двухразовым выйгрышы, зараджаючы электрамабіль энергіяй з электрастанцыі. КА: Такі маштаб прыносіць эфектыўнасць. ЭМ: Менавіта так. Сутнасць у тым, што нам у любым выпадку трэба мець устойлівыя крыніцы энергіі, электрычнасці. Таму калі мы вырашым гэтую праблему, мае сэнс мець і электрычныя машыны ў якасці транспарту. КА: У нас ёсць відэа, як збіраюць Тэслу, якое, калі яго прайграць... Што ж такога наватарскага ў гэтым працэсе? ЭМ: Натуральна, што з мэтай паскарэння надыходу электрычнага транспарту, а трэба сказаць, што, мяркую, усе віды транспарту стануць цалкам электрычнымі за іранічным выняткам ракет. Трэці закон Ньютана нам не абысці. Пытанне ў тым, як паскорыць надыход электрычнага транспарту? Каб зрабіць гэта з аўтамабілямі, трэба запраектаваць насамрэч энэргаашчадную машыну, што азначае зрабіць яе неймаверна лёгкай. Тое, што вы бачыце тут - адзіныя кузаў і шасі цалкам з алюмінія з Паўночнай Амерыкі. На самой справе, мы прымянілі шмат метадаў з распрацоўкі ракет, каб зрабіць машыну лягчэйшай нягледзячы на аб'ёмную батарэю. Да таго ж яна мае найніжэйшы каэфіцыент аэрадынамічнага супраціву сярод усіх іншых машын такіх памераў. У выніку спажыванне энергіі вельмі нізкае, а самая прасунутая батарэя дае машыне выйгрышную перавагу. Вы можаце праехаць парадку 400 кіламетраў. КА: Але ж гэтыя батарэі неверагодна цяжкія, вы ўсё роўна думаеце, што падлік верны: лёгкі кузаў, цяжкая батарэя - атрымоўваем захапляльную эфектыўнасць? ЭМ: Менавіта. Усё ў машыне мае быць вельмі лёгкім, каб ураўнаважыць масу батарэй. А аэрадынаміка дазваляе праехаць настолькі даўгі шлях. Па праўдзе, кіроўцы Мадэлі S нібы спаборнічаюць паміж сабой, каб праехаць найдалей. Здаецца, хтосьці надоечы пераадолеў 676 кіламетраў на адным зарадзе. КА: Бруно Баўдэн, вось хто зрабіў гэта. пабіў новы сусветны рэкорд. ЭМ: Віншаванні. КА: Гэта былі добрыя навіны. Але недахопам было тое, што каб зрабіць гэта, яму прыйшлося ехаць з хуткасцю 30 км/г і часта спыняцца паліцыяй. (Смех) ЭМ: Вы можаце спакойна ехаць з хуткасцю каля 100 км/г пры нармальных умовах, і 400 км - разумны лік. КА: Давайце пакажам другое відэа, пра Тэслу ў дзеянні на лёдзе. І гэта зусім не камень у агарод The New York Times, дарэчы. Што самае неспадзяванае ў кіраванні гэтай машынай? ЭМ: Пры кіраванні электрамабілем, яго адчувальнасць насамрэч неверагодная. Мы хацелі, каб людзі адчувалі, як іх розум зліваецца з машынай, нібыта вы з ёю -- адно цэлае. Калі вы паварочваеце і паскараецеся, гэта проста адбываецца быццам у машыны ёсць Электронны Кантроль Устойлівасці. Гэта магчыма з электрамабілем дзякуючы яго адчувальнасці, з паліўнай машынай так не атрымаецца. І гэта істотная розніца, якую можна адчуць толькі пры спробнай паездцы. КА: Гэта прыгожая, але дарагая машына. Ці ёсць у вас нейкі план, каб выпусціць масавую версію? ЭМ: Так. Мэтай Тэслы заўсёды быў трохступенчаты працэс, у якім першая версія -- гэта дарагая машына з маленькім аб'ёмам вытворчасці, другая каштуе менш і і большым аб'ёмам, і трэцяя версія -- самая аб'ёмная і танная. У дадзены момант мы знаходзімся ў другой фазе. Такім чынам ёсць спорткар Roadster за $100.000, і ёсць Мадэль S па цане ад $50.000. Электрамабіль трэцяга пакалення, які меркавана з'явіцца праз тры-чатыры гады, будзе каштаваць $30.000. Кожны раз, як з'яўлялася насамрэч новая тэхналогія, звычайна мусіла выйсці тры буйныя версіі, каб з'явіўся выдатны масавы прадукт. Мы прасоўваемся ў гэтым кірунку, і я ўпэўнены, што так усё і будзе. КА: Добра, калі шлях недалёкі, можна паехаць, вярнуцца і зарадзіцца дома. Але на дадзены момант няма агульнанацыянальнай сеткі хуткіх зарадных станцый. Ці прадбачацца нейкія істотныя змены тут, ці гэта спраўдзіцца толькі на некаторых ключавых маршрутах? ЭМ: На самой справе, зарадных станцый ужо больш, чым людзі сабе ўяўляюць. У Тэсле распрацаваная тэхналогія пад назвай Supercharging, якую мы прапануем пакупнікам Model S бясплатна назаўжды. Гэта факт, які для многіх магчыма застаецца незразумелым. Насамрэч штаты Каліфорнія і Невада ўжо пакрытыя сеткай станцый, як і Ўсходняе ўзбярэжжа ад Бостана да Вашынгтона. Напрыканцы гэтага года вы зможаце праехаць з Лос-Анджэлеса ў Нью-Ёрк, карыстаючыся толькі сеткай Supercharger, каторая зараджае шпарчэй у пяць разоў за якія-кольвек іншыя. Для нас галоўнае -- прытрымлівацца суадносінаў язды да перапынкаў каля шасці ці сямі. Так, каб ехаць на працягу трох гадзінаў, а спыняцца на 20 або 30 хвілін. Гэта адрэзак часу, на які людзі звычайна спыняюцца. Такім чынам, калі вы выяжджаеце ў дарогу а 9:00, апоўдні можна зрабіць перапынак каб перакусіць, завітаць у прыбіральню, выпіць кавы і паехаць далей. КА: Дык вы прапануеце спажыўцам зараджацца цалкам на працягу гадзіны. Маўляў, не спадзявайцеся выехаць адсюль праз 10 хвілін, пачакайце гадзіну, але ёсць добрая навіна: вы дапамагаеце ратаваць планету, і, дарэчы, электрычнасць для вас -- бясплатная. ЭМ: Насамрэч мы спадзяемся, што людзі будуць спыняцца на 20-30 хвілін, не гадзіну. Лепей праехаць каля 260-270 кіламетраў і спыніцца на паўгадзіны, каб потым працягнуць шлях. Гэта натуральны рытм падарожжа. КА: Зразумела. Гэта толькі адна спіца ў вашым энергетычным коле. Вы працуеце таксама над сваёй кампаніяй SolarCity. Што такога незвычайнага там? ЭМ: Ну, як я ўжо ўзгадваў раней, мы мусім перайсці на ўстойлівыя метады выпрацоўкі электраэнергіі і яе спажывання. Я досыць упэўнены, што першаснай такой крыніцай здабывання энергіі будзе Сонца. То бок, гэта ж ускосны тэрмаядзерны сінтэз, вось што гэта. У нас ёсць вялізная атамная электрастанцыя ў небе пад назвай "Сонца", нам проста трэба выхапіць крыху гэтай энэргіі для патрэбаў чалавечай цывілізацыі. Мы ўсе ўжо ведаем, але магчыма не разумеем да канца, што свет і так амаль цалкам працуе на сонечнай энергіі. Калі б не было Сонца, мы былі б ледзяным шарам з тэмпературай тры градусы Кельвіна. Яно прыводзіць у рух сістэму ападкаў, уся экасістэма сілкуецца сонечнай энэргіяй. КА: Але ў галоне бензіна, фактычна, уціснутыя тысячы гадоў сонечнай энэргіі, таму цяжка падвесці падлікі на карысць сонечнай энергіі, каб хаця б аддалена спаборнічаць з, напрыклад, прыродным газам. Як тут можна збудаваць бізнэс? ЭМ: Ну, насамрэч, я ўпэўнены, што сонечная энергія разаб'е дашчэнту ўсе іншыя крыніцы ўлучна з прыродным газам. (Воплескі) КА: Як? ЭМ: Так мусіць быць, іначай у нас сур'ёзныя праблемы. КА: Вы ж не прадаеце сонечныя панэлі спажыўцам. Чым тады вы займаецеся? ЭМ: Не, на самой справе мы прадаем. Вы можаце набыць або арэндаваць сонечную ўсталёўку ў нас. Большасць выбірае арэнду. А самае прывабнае ў гэтым, што не патрэбныя ані сыравіна, ані выдаткі на эксплуатацыю. Як толькі ўсталявалі, яна працуе. І працуе дзесяцігоддзямі, можа нават стагоддзямі. Таму ключом тут з'яўляецца зніжэнне коштаў першаснай ўсталёўкі і агульнай сумы інвестыцыі, бо гэтыя два фактары спрыяюць коштам сонечнай энергетыкі. Мы прасунуліся вельмі далёка ў гэтым, вось чаму я ўпэўнены, што мы пераўзыйдзем прыродны газ. КА: Дык вашая прапанова пакупнікам наступная: не плаціце шмат загадзя... ЭМ: Анічога. КА: Не плаціце анічога загадзя, мы паставім панэлі вам на дах. А потым ужо плаціце толькі арэнду. На колькі звычайна? ЭМ: Мы арэндуем звычайна на 20 гадоў. Але каштоўнасць гэтай прапановы, як вы і намякаеце, досыць простая. Вы не выдаткоўвайце грошы, але вашыя камунальныя аплаты памяншаюцца. Досыць выгодна. КА: Выглядае як выйгрыш для спажыўца. Няма рызыкі, плоціце менш, чым цяпер. Для вас жа тут выгодна.. То бок, хто валодае электрычнасцю з гэтых панэляў у перспектыве? Як кампанія зарабляе? ЭМ: Ну, па сутнасці, SolarCity здабывае частку капітала ад, скажам, кампаніі або банку. Гугл -- адзін з найбуйнейшых нашых партнёраў. І яны спадзяюцца на некаторы прыбытак з яго. За гэты капітал мы набываем і ўсталёўваем панэлі на дах, а потым збіраем арэндную плату з уладальніка дома ці бізнэса, якая меншая за камунальныя аплаты. КА: Але вы самі атрымоўваеце доўгатэрміновую выгоду з гэтай энэргіі. Такім чынам вы будуеце размеркаваную энэргетычную сетку. ЭМ: Дакладна. Усё зводзіцца да вялізнай электрасеткі. І гэта, на маю думку, добра, бо электрасеткі былі манаполіяй, у людзей не было выбару. Тут жа ўпершыню з'явілася канкурэнцыя, таму што энэргетычныя кампаніі былі адзінымі, хто валодаў сеткамі размеркавання энэргіі. Цяпер такая ёсць у вас на даху. Я думаю, гэта вяртае ўладу домаўладальнікам і фірмам. КА: І вы сапраўды прадбачыце будучыню, дзе большасць электрычнасці ў ЗША -- у межах дзесяцігоддзя-двух -- стане сонечнай? ЭМ: Я надзвычай упэўнены, што сонечная энергія будзе пераважаць, а магчыма і стане большасцю. І я прадказваю такую перавагу ў межах 20 гадоў. Я нават з кімсьці пайшоў у заклад... КА: А як вы вызначаеце "перавагу"? ЭМ: Больш сонечнай энергіі, чым з любой іншай крыніцы. КА: Ага. З кім вы пайшлі ў заклад? ЭМ: З сябрам, хто застанецца безназоўным. КА: Толькі паміж намі. (Смех) ЭМ: Я заклаўся, здаецца, каля двух-трох гадоў таму. Такім чынам, па грубым падліку гэта праз 18 гадоў, мы ўбачым больш сонечнай энергіі, чым любой іншай. КА: Добра, тады давайце вернемся да іншага вашага закладу з самім сабой, я падазраю. Досыць вар'яцкага закладу. Вы зарабілі некаторыя грошы ад продажу PayPal. І вырашылі пабудаваць касмічную кампанію. З якой такой нагоды хто-небудзь будзе рабіць гэта? (Смех) ЭМ: Мяне часта аб гэтым пытаюцца, гэта так. Маўляў, вы чулі жарт пра таго хлопца, што разбагацеў у касмічнай індустрыі? Відавочна, ён быў яшчэ багацейшы, як пачынаў -- сцвярджае кульмінацыя. Таму я адказваю ўсім, што проста шукаў самы хуткі спосаб паменшыць сваё багацце. А яны глядзяць на мяне і, маўляў, "Ён сур'ёзна?" КА: І, на дзіва, гэта казалі сур'ёзна. Дык што здарылася? ЭМ: Мы былі на валаску ад правалу. Здавалася, што анічога не выйдзе. Мы падышлі вельмі блізка да паразы, але нам удалося зварухнуцца з мёртвай кропкі ў 2008. Мэта SpaceX -- спрабаваць прасунуць ракетную тэхналогію і асабліва вырашыць тую праблему, якую я лічу жыццёва важнай для таго, каб чалавецтва стала касмічнай цывілізацыяй. Гэта пабудова шматразовай ракеты. КА: А ці будзе чалавецтва касмічнай цывілізацыяй? Гэта вашая мара, скажам, з часоў юнацтва? Ці марылі вы пра Марс або далей? ЭМ: Я рабіў ракеты ў дзяцінстве, але я не думаў, што ўцягнуся ў гэта. Ідэя прыйшла хутчэй з разважанняў наконт таго, што мусіць здарыцца, каб будучыня была захапляльнай і натхняльнай? І я думаю, ёсць істотная розніца паміж тым, каб глядзець у будучыню чалавецтва як касмічнай цывілізацыі, якая паўсюль даследуе зоркі і насяляе розныя планеты, што, на маю думку, насамрэч цудоўна, чым як на зняволенную тут на Зямлі ажно да часу імавернага вымірання. КА: Дык вы ўрэзалі кошт пабудовы ракеты на 75%, у залежнасці як падлічваць. Як жа вы ўмудрыліся гэтага дасягнуць? NASA будуе ракеты дзесяцігоддзі. Як? ЭМ: Ну, мы значна прасунуліся у тэхналогіі вытворчасці фюзеляжа, рухавікоў, электронікі і правядзення запускаў. Даўжэзны спіс новаўвядзенняў, якія мы распрацавалі і якія крыху цяжка прадставіць у межах нашай гутаркі,.. КА: Не ў апошнюю чаргу таму, што іх могуць пераняць, га? Вы ж не запатэнтавалі гэта -- вось што мне цікава. ЭМ: Не, мы не патэнтуем распрацоўкі. КА: Вы не робіце гэтага, бо лічыце гэта небяспечным? ЭМ: З-за таго што нашыя асноўныя канкурэнты -- ўрады дзяржаў, прававая моц патэнтаў глыбока сумнеўная. (Смех) (Воплескі) КА: Гэта вельмі, вельмі цікава. Але вялікае новаўвядзенне яшчэ наперадзе, і вы цяпер працуеце над ім. Распавядзіце нам. ЭМ: Так, вялікае новаўвядзенне -- КА: На самой справе, давайце паглядзім тое відэа, і вы зможаце суправаджаць яго апавяданнем. ЭМ: Згодны. Штука з ракетамі ў тым, што яны незваротныя. Усе ракеты, якія лётаюць сёння -- выключна аднаразовыя. Шаттл быў спробай зрабіць шматразовую ракету, але нават яго галоўны бак выкідваўся кожны раз. Часткі, што можна было выкарыстаць паўторна, узнаўляліся для палёту групай у 10.000 асоб на працягу дзевяці месяцаў. Таму адзін палёт Шаттла абыходзіўся ў міліярд даляраў. Відавочна, гэта не акупала надта добра... КА: Што толькі што адбылося? Нешта прызямлілася? ЭМ: Дакладна так. Дык вось, важна, каб ступені ракеты маглі вярнуцца назад, на стартавую пляцоўку, і быць гатовымі да запуску праз некалькі гадзін. КА: Неймаверна. Шматразовыя ракеты. ЭМ: Так. (Воплескі) Многія не разумеюць, што кошт ракетнага паліва невялікі, амаль як для рэактыўнага самалёта. Яго кошт каля 0.3% ад кошту ракеты. Таму магчыма дасягнуць, скажам, 100-кротнага зніжэння кошту палёту, калі паспяхова выкарыстаць ракету паўторна. Вось чаму гэта важна. Кожны сродак транспарту, якім мы карыстаемся: ці то самалёт, ці цягнік, аўтамабіль, ровар, конь -- шматразовыя, толькі не ракеты Таму каб стаць касмічнай цывілізацыяй, гэтую праблему трэба вырашыць. КА: Вы пыталіся раней у мяне, наколькі распаўсюджанымі былі б круізы, калі б прыходзілася спальваць карабель напрыканцы. ЭМ: Некаторыя круізы, відаць, вельмі праблематычныя. КА: Адназначна даражэйшыя. Значыць, гэта неймаверна рэвалюцыйная тэхналогія, мяркую, пракладзе шлях да вашае мары -- у пэўны момант дастаўляць людзей на Марс вялікімі групамі. Вам бы хацелася ўбачыць калонію на Марсе. ЭМ: Так, дакладна. SpaceX або нейкая група кампаній і ўрадаў мусяць прасоўвацца ў кірунку шматпланетнага жыцця, усталявання базы на іншай планеце. Марс -- адзіны сэнсоўны выбар. А потым разбудоўваць гэтую базу да моманту, калі мы станем шматпланетным гатункам. КА: Як пасоўваецца ідэя "давайце зробім яе шматразовай"? Гэта было толькі мадэляванне. Як справы з гэтым? ЭМ: Мы насамрэч сур'ёзна прасунуліся надоечы ў праекце пад назвай "Выпрабаванне коніка". Тэставаўся этап вертыкальнай пасадкі, досыць хітрай канцавой часткі палёту. І мы атрымалі станоўчыя вынікі. КА: Можна паглядзець на гэта? ЭМ: Так. Каб надаць гледачу пачуццё маштаба, мы апранулі каўбоя Джонні Кэшам і прывярцелі манекен да ракеты. (Смех) КА: Ясна, давайце паглядзім відэа, бо гэта насамрэч дзіўна, калі так падумаць. Вы аніколі не бачылі гэтага раней. Ракета вырываецца ўгору і... ЭМ: Ага, ракета памерам з 12-павярховы будынак. (Запуск ракеты) Яна завісла на вышыні каля 40 метраў, пастаянна падстройваючы вугал, тангаж і адхіленне галоўнага рухавіка і падтрымліваючы нахіл рухавікамі вугальнага газу. КА: Як жа гэта клёва, га!? Элан, як вы гэта зрабілі? (Смех) Гэтыя праекты: PayPal, SolarCity Tesla, SpaceX -- яны настолькі ашаломна розныя, настолькі амбіцыйныя і маштабныя праекты. Як жа адна асоба здольная ўводзіць навінкі такім чынам? Што ж у вас такога? ЭМ: Я шчыра не ведаю. У мяне няма простага адказу. Я шмат працую. І гэта значыць -- шмат. КА: Ну, у мяне ёсць тэорыя. ЭМ: Добра, слухаю. КА: Мая тэорыя ў тым, што вы можаце думаць на сістэмным узроўні дызайну, збліжаць дызайн, тэхналогію і бізнэс -- так, TED быў бы TBD -- дызайн, тэхналогія і бізнэс -- у адзін пакунак, змешваць гэта такім чынам, які не ўсім пад сілу і -- гэта найважнейшае -- быць так ліха ўпэўненым у гэтым звязаным пакунку, што вы рызыкуеце, як вар'ят. Вы ставілі на яго ўсё сваё багацце -- і рабілі гэта не раз. То бок, амаль аніхто не можа так зрабіць. Ці гэта.. Можаце даць які-небудзь рэцэпт? Ці можна гэта ўвесці ў нашую сістэму адукацыі? Ці можа хтосьці навучыцца ад вас? Тое, што вы робіце, проста неверагодна. ЭМ: Эмм, дзякуй. Дзякуй вам. Мне здаецца, ёсць добры каркас для мыслення. І гэта -- фізіка. Ну, ведаеце, разважанне ад першасных прынцыпаў. Увогуле тое, што я маю на ўвазе, гэта раскласці прадметы на асноватворныя ісціны і з іх будаваць разважанні, у адрозненне ад разважанняў па аналогіі. На працягу большай часткі нашага жыцця, мы разважаем па аналогіі, што па сутнасці азначае перайманне дзеянняў іншых людзей з лёгкімі адхіленнямі. І мы павінны так рабіць. Іначай мы бы не змаглі пражыць і дня. Але калі вам патрэбна штосьці новае, стасуйце фізічны падыход. Фізіка -- гэта высвятленне, як адкрыць новыя рэчы, якія нелагічныя, напрыклад квантавая механіка. Яна вельмі нелагічная. Таму, мяркую, гэта важна, як важна і звяртаць увагу на адмоўную водгукі і нават патрабаваць іх, асабліва ад сяброў. Гэта можа гучаць як простая парада, але мала хто прыслухоўваецца. Яна неверагодна карысная. КА: Хлопчыкі і дзяўчынкі, вучыце фізіку. Вучыцеся ў гэтага дзядзькі. Элан Маск, мне шкада, што ў нас не цэлы дзень, але вялізны дзякуй вам за візіт на TED. ЭМ: Дзякуй вам. КА: Гэта было неверагодна. Вельмі, вельмі клёва. Гляньце-ка. (Воплескі) Прыміце падзяку. Было проста фантастычна. Вялізны вам дзякуй.