Паглядзіце на гэты малюнак. Што гэта можа быць? Страшны монстар? Два добрыя мядзведзі? Ці нешта зусім іншае? На працягу амаль стагоддзя дзесяць такіх чарнільных кляксаў служылі амаль містычным тэстам асобы. Доўгі час ён захоўваўся ў таямніцы ад псіхолагаў і іх пацыентаў, з-за чаго пагаворвалі, што загадкавыя малюнкi могуць праліць святло на працу чалавечага розуму. Але пра што сапраўды распавядаюць нам кляксы і як працуе гэты тэст? Вынайдзены ў пачатку 20-га стагоддзя швейцарскім псіхіятрам Германам Роршахам, тэст Роршаха на самой справе менш тычыцца канкрэтных рэчаў, якія мы бачым, а больш распавядае аб нашым агульным падыходзе да ўспрымання. Будучы мастаком-аматарам, Герман захапляўся тым, як візуальнае ўспрыманне адрозніваецца ў розных людзей. Цікавасць да тэмы ён не страціў і паступіўшы ў медыцынскi ўніверсітэт, дзе ён даведаўся, што ўсе нашы пачуцці глыбока звязаныя. Ён вывучаў, як працэс ўспрымання не проста рэгіструе сэнсарныя сігналы, а пераўтварае іх. І калі ён атрымаў месца ў псіхіятрычным шпіталі на ўсходзе Швейцарыі, то пачаў ствараць серыю загадкавых малюнкаў, каб лепш зразумець гэты таямнічы працэс. Выкарыстоўваючы свае карткі з кляксамі, Роршах пачаў апытваць сотні здаровых людзей і пацыентаў псіхіятрычнай клінікі, задаючы адно і тое ж пытанне: "На што гэта падобна?" Аднак, тое, што бачылі падыспытныя, не мела такой значнасці для Роршаха у параўнанні з тым, як яны падыходзлі да задачы. На якіх частках малюнка яны сфакусаваліся, а якія праігнаравалі? Ці бачылі яны рух на малюнку? Ці дапамагалi ім каляровыя кляксы на некаторых малюнках адказаць лепш, ці, наадварот, адцягвалі i перагружалі інфармацыяй? Ён распрацаваў сістэму кадавання атрыманых адказаў, звузіўшы шырокі дыяпазон тлумачэнняў да лічбаў, з якімі можна працаваць. Цяпер у яго былі эмпірычныя паказчыкі для колькаснай ацэнкі ўсіх пратэставаных: людзей творчых і з развітым уяўленнем, уважлівых да дэталяў, думаючых маштабна i таксама ўдзельнікаў з гнуткім мысленнем, здольных адаптаваць свой падыход. Некаторыя падыспытныя захрасалі i называлi адно і тое ж на розных малюнках. Іншыя давалі незвычайныя і цудоўныя апісанні. Адказы былі такімі ж разнастайнымі, як і чарнільныя кляксы, якія адпавядалі розным праблемам успрымання ‒ некаторыя было лягчэй інтэрпрэтаваць, чым іншыя. Але аналіз агульнага падыходу падыспытнага да вырашэння задачы даваў рэальнае разуменне псіхалогіі яго асобы. І па меры таго, як Роршах апытваў усё больш людзей, пачалі фарміравацца пэўныя патэрны. Здаровыя падыспытныя з аднолькавымі тыпамі асобы часта выкарыстоўвалі назвычай падобныя падыходы. Пацыенты, якія мучыліся ад адных і тых жа псіхічных захворванняў, гэтак жа давалі падобныя адказы, што рабiла тэст надзейным інструментам дыягностыкі. Тэст мог нават дыягнаставаць некаторыя станы, якія цяжка было вызначыць з дапамогай іншых даступных метадаў. У 1921 годзе Роршах апублікаваў сваю сістэму кадавання разам з дзесяццю кляксамі, якія, на яго думку, перадавалі самую дэталёвую карціну чалавечага падыходу да ўспрымання. На працягу наступных дзесяцігоддзяў тэст стаў карыстацца велізарнай папулярнасцю ва ўсім свеце. Да 1960-х гадоў толькі ў ЗША яго афіцыйна прайшлі мільёны чалавек. На жаль, менш чым праз год пасля публікацыі тэсту Герман Роршах раптоўна памёр. Без свайго вынаходніка, які метадычна збіраў неабходныя дадзеныя і які змог бы пракантраляваць правільнасць інтэрпрэтацыі вынікаў, тэст пачаў выкарыстоўвацца ў разнастайных спекуляцыях. Даследчыкі тэставалі нацысцкіх ваенных злачынцаў, спадзеючыся раскрыць псіхалагічныя карані масавых забойстваў. Антраполагі паказвалі малюнкi ў аддаленых супольнасцях як свайго роду ўніверсальны тэст асобы. Працадаўцы прымалі прадузятыя рашэнні аб найме на аснове спрошчаных схем расшыфроўкі. Як толькі тэст пакінуў сцены клінік і стаў часткай масавай культуры, яго рэпутацыя сярод медыцынскіх спецыялістаў рэзка пагоршылася, і кляксы перасталі выкарыстоўвацца ў клінічнай практыцы. Сёння стаўленне да тэсту ўсё яшчэ з'яўляецца супярэчлівым, і многія мяркуюць, што яго дакладнасць была абвергнутая. Аднак, у 2013 годзе маштабны перагляд усіх існуючых даследаванняў Роршаха паказаў, што пры правільным ужыванні тэст дае пэўныя вынікі, якія могуць дапамагчы дыягнаставаць псіхічнае захворванне або дапоўніць псіхалагічны партрэт пацыента. Ён наўрад ці з'яўляецца ключом да чалавечага розуму ‒ ніводны тэст ім не з'яўляецца. Але яго візуальны падыход і адсутнасць адзінага вернага адказу дапамагае псіхолагам скласці больш дэталёвы партрэт таго, як людзі бачаць навакольны свет, што дазваляе нам на крок наблізіцца да разумення мадэляў нашага ўспрымання.