Здагадаецеся, што гэта? А калі б я сказала, што існуе месца, дзе істоты зроблены са шкла? Ці што ёсць такія формы жыцця, якія мы не можам пабачыць, але касманаўты бачаць іх пастаянна? Гэтыя нябачныя шкляныя істоты ‒ зусім не іншапланяцяне. Гэта дыятомы: фотасінтэтычныя, аднаклеткавыя водарасці, якія вырабляюць кісларод і спрыяюць засейванню хмар у планетарным маштабе. Яны маюць незвычайна сканструяваны экзашкілет зроблены з... ‒ правільна, шкла. Іх можна пабачыць з космасу ў разнакаляровых вірах акіяну. А калі яны паміраюць, іх шкляныя панцыры ідуць глыбока на самае дно акіянаў, забіраючы вуглярод з паветра з сабой у магілу. Што вядзе да значнага змяншэння колькасці вугляроду ў акіянах. Мы жывем на планеце, поўнай чужакоў. Існуе столькі дзіўных формаў жыцця, і трэба іх вывучаць. Звычайна яны жывуць на краі свету. Мы іх не заўважаем і не разумеем. Адзін з такіх краёў свету ‒ Антарктыда. Калі мы звычайна думаем пра Антарктыду, то ўяўляем штосьці мёртвае і бясплоднае, акрамя некалькіх пінгвінаў. Але Антарктыда заслугоўвае тытулу палярнага аазісу жыцця, дзе жыве безлік проста неверагодных істотаў. Але чаму іх не было ў апошняй перадачы пра прыроду? Нуу, таму што яны ціха чакаюць пад снегам і льдом, зусім намі не заўважаныя. Гэта мікробы ‒ маленькія расліны і жывёлы, што жывуць унутры ледавікоў, пад акеанічным ільдом, і плаваюць у падледніковых прудах. І яны не менш харызматычныя, чым уся вядомая мегафаўна, якую мы звычайна бачым у прыродазнаўчых праграмах. Але як можна прымусіць людзей вывучаць тое, што яны не могуць убачыць? Нядаўна я цягам пяці тыдняў кіравала экспедыцыяй у Антарктыду, каб нарэшце зняць дзікую прыроду ў мікробным маштабе. Я ўзяла з сабой 185 кілаграмаў абсталявання і загрузілася ў ваенны самалёт. Я прывезла мікраскопы, каб вывучыць і засняць гэтых мікраскапічных экстрэмафілаў. Усё гэта, каб малазразумелая экасістэма, у якой мы жывем, стала для нас больш яснай. Каб засняць гэтых нябачных істот у руху, мне трэба было дабрацца да іх дому. Я рызыкнула пагрузіцца глыбей пад лёд. Штогод акеанічны лёд амаль падвойвае велічыню Антарктыды. Каб паглядзець, што там, за трыма метрамі льда, я спусцілася па доўгай, металічнай трубе, устаўленай ў акеанічны лёд, бо хацела паназіраць за схаванай, але поўнай жыцця экасістэмай. Я была наўпрост паміж акеанічным дном і зіхоткай столяй з ільду. Вось як гэта выглядала звонку. Гэта было проста магічна. Некаторыя знаходкі, як ракушкавыя, аказаліся проста цудоўнымі, а яшчэ там была безліч прыгожых, геаметрычных дыятомаў. Затым я выправілася ў даследчую вандроўку у рэгіён Сухіх Далінаў на пару тыдняў. 98 працэнтаў Антарктыды пакрытыя льдом, а Сухія Даліны ‒ найбуйнейшы абшар Антарктыды, дзе можна пабачыць, як сам кантынент выглядае пад ільдом. Я ўзяла пробу бактэрый з Крывавых Вадаспадаў ‒ прыроднай з'явы, калі з падлёдных вадаёмаў выдзяляецца аксід жалеза. Яшчэ крыху больш за дзесяцігоддзе таму гэта месца лічылася безжыццёвым. Я залезла на ледавік, каб прасвідраваць дзіру ў яго нетрах, і ўбачыць безліч крэпкіх істотаў, што там жывуць на розных слаях ільда. Гэтыя так званыя "крыяканітавыя дзіры" фармуюцца, калі маленькія кавалкі цёмнага пылу трапляюць на ледавік, пачынаюць таяць і становяцца вадкімі дзіркамі, якія потым зверху замярзаюць. Яны захоўваюць сотні кавалкаў пылу ўнутры ледавіка, як невялікія выспы-сусветы, кожная з якіх мае сваю экасістэму. Некаторых істотаў, што яна знайшла, вы, магчыма, пазнáеце. Напрыклад, чароўныя ціхаходкі ‒ я іх абажаю! Нібыта маленькія мядзведзі-мармеладкі з кіпцюрамі. Іх яшчэ называюць вадзянымі мядзведзікамі. Яны вядомыя сваёй суперздольнасцю, якая дазваляе ім выжываць у экстрэмальных умовах, нават у вакууме космасу. Але не трэба быць касманаўтам ці ехаць на Антарктыду, каб іх знайсці. Яны жывуць у імху па ўсім свеце, ад расколін тратуару да паркаў. Хутчэй за ўсё, вы праходзіце між тонамі гэтых нябачных жывёлаў штодня. Іншыя істоты могуць толькі выглядаць знаёмымі, і пры гэтым быць дзівакамі, як круглыя чэрві. Не будучы ні змеямі, ні землянымі чарвякамі, круглыя чэрві ‒ істоты ўнікальныя. Яны не могуць ані аднаўляцца як звычайныя чэрві, ані паўзці як змеі. Але маюць маленькія кінжалы-іголкі ў роце, з дапамогай якіх яны ловяць здабычу і затым высмоктваюць яе вантробы. На кожнага чалавека на планеце існуе 57 мільярдаў круглых чарвякоў. Частку з іх вы можаце зусім не распазнаць. Але яны жывуць не менш цікавым жыццём. Як, напрыклад, калаўроткі з каронамі, якія ператавараюцца ў Румба-рты, альбо інфузорыі з такім празрыстым страваваннем, што пра яго часам не хочацца ведаць. Ці цыянабактэрыі, што выглядаюць як рассыпанае канфеці ў сподку Петры. Вельмі часта тое, што мы бачым у медыя, ‒ гэта насканаваныя электрамікраскопамі мікраарганізмы, што выглядаюць, як страшныя монстры. А без назірання іх рухаў, іх жыццё выглядае для нас ілюзорным, нават негледзячы на тое, што яны атачаюць нас паўсюль. Як яны жывуць? Як узаемадзейнічаюць з асяроддзем? Калі б вы толькі бачылі фота пінгвіна ў заапарку, але не бачылі б яго нажыва, калі ён брындае і слізгае па льдзе, вы не змаглі б цалкам зразумець іх існавання. Назіраючы за мікраістотамі ў дзеянні, мы атрымліваем лепшае разуменне жыцця, нябачнага ў штодзённасці. Без дакументавання незаўважных форм жыцця на Антарктыдзе і на нашых падворках, мы не можам зразумець, з якой колькасцю істотаў мы разам жывем у гэтым свеце. І гэта азначае, што мы яшчэ не маем поўнай карціны нашай дзіўнай, капрызнай, але цудоўнай планеты. Дзякуй.