Хуана Рамірэс дэ Асбахэ сядзела перад калегіяй аўтарытэтных тэолагаў, юрыстаў і матэматыкаў. Віцэ-кароль Новай Гішпаніі запрасіў іх праверыць веды маладой жанчыны, задаючы самыя складаныя пытанні, якія яны толькі змаглі знайсці. Але Хуана паспяхова адказвала на кожны выклік ‒ ад складаных ураўненняў да філасофскіх пытанняў. Пазней назіральнікі параўнаюць гэтую сцэну з «каралеўскім галеонам, які прабіваецца праз пару каноэ». Жанчына, якая сутыкнулася з такім допытам, нарадзілася ў сярэдзіне 17-ага стагоддзя. У той час Мексіка ўжо больш за стагоддзе была гішпанскай калоніяй, што прывяло да складанай і стратыфікаванай класавай сістэмы. Бабуля і дзядуля Хуаны па матчынай лініі нарадзіліся ў Гішпаніі, што рабіла іх членамі самага паважанага класа ў Мексіцы. Але Хуана нарадзілася па-за шлюбам, і яе бацька ‒ гішпанскі ваенны капітан ‒ пакінуў яе маці, Донью Ізабэль, выхоўваць Хуану і яе сясцёр у адзіночку. На шчасце, умераныя даходы яе дзядулі забяспечвалі сям'і камфортнае існаванне. А Донья Ізабэль падавала добры прыклад сваім дачкам, паспяхова кіруючы адным з двух маёнткаў бацькі, нягледзячы на неадукаванасць і мізагінію таго часу. Магчыма, менавіта гэты прыклад і надаў Хуане ўпэўненасць на ўсё жыццё. У трохгадовым узросце яна таемна хадзіла ўслед за старэйшай сястрой у школу. Калі яна пазней даведалася, што вышэйшая адукацыя даступна толькі для мужчын, яна ўмольвала маці дазволіць ёй употай наведваць заняткі. Атрымаўшы адмову, Хуана знайшла суцяшэнне ў прыватнай бібліятэцы свайго дзядулі. У раннім падлеткавым узросце яна засвоіла філасофскія дыскусіі, латынь і ацтэкскую мову Нахуатль. Не па гадах развіты інтэлект Хуаны прыцягнуў увагу каралеўскага двара ў Мехіка, і, калі ёй было шаснаццаць, Віцэ-кароль і яго жонка зрабілі яе сваёй фрэйлінай. Там яе п'есы і вершы па чарзе захаплялі і абуралі каралеўскі двор. Яе правакацыйны верш «Дурныя мужчыны» ганебным чынам раскрытыкаваў сэксісцкія падвойныя стандарты, асуджаючы мужчын, якія разбэшчваюць жанчын і пры гэтым абвінавачваюць іх у амаральнасці. Нягледзячы на супярэчлівасць, яе дзейнасць ўсё роўна выклікала захапленне прыхільнікаў, і шматлікія прапановы шлюбу. Але Хуану больш цікавілі веды чым шлюб. У патрыярхальным грамадстве таго часу было толькі адно месца, дзе яна магла іх знайсці. Царква, усё яшчэ пад апантаным уплывам гішпанскай інквізіцыі, магла дазволіць Хуане захаваць незалежнасць і павагу, застаючыся незамужняй. У 20 гадоў яна ўступіла ў Іераніміцкі манастыр Санта-Паўла і ўзяла новае імя: Сястра Хуана Інес дэ ла Крус. На працягу многіх гадоў сястра Хуана лічылася каштоўным скарбам царквы. Яна пісала драмы, камедыі і трактаты па філасофіі і матэматыцы, у дадатак да рэлігійнай музыкі і паэзіі. Яна сабрала велізарную бібліятэку, і яе наведвалі многія выбітныя навукоўцы. Служачы скарбнікам манастыра і архіварыусам, яна таксама абараняла сродкі да існавання сваіх пляменніц і сясцёр ад мужчын, якія спрабавалі іх эксплуатаваць. Але яе просталінейнасць ў канчатковым рахунку прывяла да канфлікту з яе дабрадзейцамі. У 1690 г. біскуп апублікаваў прыватныя крытычныя заўвагі сястры Хуаны аб глыбокашаноўнай пропаведзі. У публікацыі ён настаўляў сястру Хуану прысвячаць сябе больш малітвам, а не разважанням. Яна парыравала, што Бог не даў бы жанчынам інтэлект, калі б ён не хацеў, каб яны выкарыстоўвалі яго. Спрэчка прыцягнула ўвагу кансерватыўнага Архібіскупа Мексікі. Паступова сястра Хуана была пазбаўленая свайго аўтарытэту і вымушаная прадаць свае кнігі і перастаць пісаць. Раз'юшаная такой цэнзурай, але не маючы жадання пакідаць царкву, яна з горыччу зноў пачала маліцца. Падчас свайго апошняга акта непадпарадкавання яна паставіла подпіс: "Я, горшая за ўсіх," уласнай крывёю. Пазбаўленая сродкаў сястра Хуана занялася дабрачыннасцю, і ў 1695 годзе яна памерла ад хваробы, якой заразілася падчас догляду за сваімі сёстрамі. На сённяшні дзень сястра Хуана прызнана першай феміністкай Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Яна аб'ект незлічоных дакументальных фільмаў, раманаў і опер, і яе партрэт намаляваны на мексіканскай банкноце ў 200 песа. Кажучы словамі нобелеўскага лаўрэата Актавіа Паса: «Недастаткова сказаць, што дзейнасць сястры Хуаны з'яўляецца прадуктам гісторыі; мы павінны дадаць, што гісторыя таксама з'яўляецца прадуктам яе дзейнасці».